Аркадзю Кандрусевічу было б 80
На школьных вечарах і зборах, прысвечаных святу вызвалення Магілёва і Магілёўшчыны ад фашыстаў, прачула ўспаміналі Ваню Галярку, Людмілу Цімашэнка, Марата Казлова і іншых, загінуўшых у барацьбе з акупантамі школьнікаў, пра якіх расказвала кніга «Юныя героі Магілёўшчыны» - апошняя кніга пісьменніка Аркадзя Кандрусевіча (Мінск, 1994 г.) А першай была «Чарпак Вялікан Мядзведзіцы» (Мінск, 1969 г.)
I вось прыгадваецца з тае даўніны выпадак. У фае аднаго з магілёўскіх дамоў культуры з нагоды літаратурнай вечарыны таўклася моладзь. Да мяне падыйшоў хлопец і, расхвальваючы маю, як ён заўважыў, толькі што выдадзеную кніжку, папрасіў пакінуць на ёй аўтограф. Прызнаюся, я быў здзіўлены, бо кніга «Алёнчын сакрэт» разлічвалася на меншых і сярэдніх школьнікаў, а маладзёну было каля дваццаці. Не зважаючы на маю разгубленасць, ён порстка выцягнуў, мабыць, са сваёй студэнцкай папачкі... «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» Аркадзя Кандрусевіча.
- Будзьце ласкавы, Аркадзь Лявонцьевіч...
Мусіў удакладніць, што я не Кандрусевіч, а Аношкін.
- А-а.., - тады ўжо разгубіўся той хлапчына. - То дзе ж Аркадзь Лявонцьевіч?
- На жаль, у камандзіроўцы... Так што сёння тут не будзе...
- Дык перадайце яму, што ягоная кніжка вельмі спадабалася... I не мне аднаму...
Неўзабаве, жартуючы, расказаў Аркадзю пра тую пікантную сустрэчу.
- Вось такія мы пісьменнікі, - іранічна ўсміхнуўся Кандрусевіч.
- Якія «такія»? - не зразумеў я.
- Каго іншага, скажам, Максіма Горкага, ні з кім не зблытаеш.
- Дык жа ў Максіма Горкага вунь якія былі вусы! - рассмяяўся я.
Аркадзь тады таксама пачаў адрошчваць вусікі і крыху сумеўся.
- Ці ж справа ў вусах?..
- Вядома, не толькі ў вусах...
Як бы там ні было, зборнік «Чарпак Вялікай Мядзведзіцы» хутка разышоўся ў кнігарнях, не залежваўся ў бібліятэках, быў прыязна сустрэты крытыкай. Зрэшты, з апавяданнямі, якія ўвайшлі ў гэтую кнігу, многія чытачы былі ўжо знаёмы: яны перад тым друкаваліся ў газеце «Магілёўская праўда», у рэдакцыі якой мастаком-рэтушорам тады працаваў Кандрусевіч, і «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Беларусь» і «Маладосць». Аўтар на фоне прыроды паказваў чалавека з ягонымі клопатамі і імкненнямі.
«Людзі жывуць, каб працаваць... Чалавечае жыццё, як лета, для таго і красуе, каб наступіў калі-небудзь жнівень. I горка, вельмі горка, калі жыццё праходзіць, а збіраць нечага».
Гэта з тае, першай, кнігі.
А якой будзе другая? Не дарма вядомы паэт Аляксей Суркоў неяк сказаў, што першую кнігу большасць выпускае цікавай і талковай, а вось варта паглядзець другую кнігу, бо прафесіяналізацыя звычайна пачынаецца з яе.
Аркадзь жа Лявонцьевіч, хоць даўно абзавёўся хай сабе не такімі раскошнымі, як у Максіма Горкага, але даволі прыдатнымі вусамі (дарэчы, з імі ён увайшоў калі не ў вялікую літаратуру, то ва ўсялякім разе ў літаратурныя даведнікі), не спяшаўся з выданнем другой кнігі. Толькі ў 1977 годзе мы пабачылі ягоныя «Кругі на Белай паляне» (аповесць пад такой назвай і апавяданні).
Праблемы, якія ўздымаліся і па-свойму вырашаліся ў першым зборніку, тут знаходзілі далейшае развіццё і паглыбленне. Пісьменнік працягвае размову пра сваіх сучаснікаў, пра людзей пакалення, якому давялося перанесці цяжкія выпрабаванні вайны з фашызмам, якое аднаўляла разбураныя ворагам вёскі і гарады. Адчувалася, што героі яго твораў падказаны самім жыццём, палескімі абшарамі.
Аркадзь Кандрусевіч нарадзіўся і вырас на Палессі, у вёсцы Ламачы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Неяк, калі мы ехалі з ім у Балгарыю, у час доўгай дакучнай дарогі ён расказваў пра свае палескія вытокі.
Бацька яго, Лявонцій Фёдаравіч, быў у свой час адзіным на ўсю вёску грамацеем. Працаваў бакеншчыкам, затым рахункаводам мясцовага калгаса «Чырвоная Прыпяць». Вайну прайшоў салдатам, быў пасля старшынёй сельсавета. Маці, Алена Данілаўна, калгасная даярка, выйшла з сям’і, продкі якой былі заснавальнікамі вёскі Ламачы і ад прозвішча якіх і яе назва. Аркадзь, будучы ўжо літсупрацоўнікам Хойніцкай раёнкі, у 1959 годзе змясціў у ёй верш, прысвечаны роднай вёсцы, землякам.
Ламачы... Светлавокія хаты
У вішнёвым купаюцца сне,
Белапеннем чаромух кудлатых
Агінае лугі па вясне.
Разгубілі вятры сонцавокія
Блёсткі радасці, дзе ні пабач,
То збываецца песня-надзея
Тваёй мары, Даніла Ламач...
Скончыўшы педагагічнае вучылішча, Аркадзь настаўнічаў на Палессі. Але нядоўга: паехаў у госці да сястры ў Ленінград і там паступіў у мастацка-графічнае вучылішча.
- А як у наш Магілёў закінуў лёс? - пацікавіўся я.
- Можна сказаць, выпадкова. Сустрэўся з земляком Васілём Яфімавічам Цітаўцом, які быў рэдактарам «Магілёўскай праўды», разгаварыўся, і той запрасіў мяне ў сваю рэдакцыю - якраз была вакансія мастака-рэтушора.
Аркадзю Лявонцьевічу шанцавала на землякоў. Другі славуты зямляк - неўзабаве народны пісьменнік БССР Іван Мележ - у 1970 годзе рэкамендаваў яго ў члены Саюза пісьменнікаў. Само сабой, Іван Паўлавіч не проста па-зямляцку рэкамендаваў, а за творчыя набыткі Кандрусевіча. Праўда, аповесць «Кругі на Белай паляне» выйшла значна пазней, калі Аркадзь Лявонцьевіч быў ужо сябрам творчага Саюза.
«Кругі на Белай паляне» - гэта аповесць аб лёсе людзей палескіх вёсак - калгаснікаў, сельскай інтэлігенцыі. I не проста лёсе, але і вясковых трагедыях.
Настаўніца Станіслава Мартынаўна са сваімі вучнямі даглядае магілу чырвонаармейца родам з Ташкента, які тут загінуў у час вайны. 3 землякамі яго перапісваліся. Напісалі ташкентцы, што пасля мая прыедуць цэлай дэлегацыяй. Ну, Мартынаўна і давай каля магілы яшчэ большы марафет наводзіць, надумалася ад яе бярозавую алейку пасадзіць. Саджалі дрэўцы дзеці, наткнуліся на міну, што яшчэ з вайны там затаілася. Двух дзетак зрашэціла. Пасля таго Мартынаўна сама не свая стала, у галаве яе памуцілася...
Гіне і яшчэ адзін з галоўных герояў аповесці - Косця Шурмель. Да свайго вяселля Косця намерыўся рыбы наглушыць, ды замест рыбы сябе і яшчэ траіх загубіў.
«Кругі. Сапраўды, раптам здалося Анатолю, быццам ёсць, існуе ў жыцці нейкая непазбежная замкнёнасць. Быццам невядомая сіла кіруе ўчынкамі людзей і, як наўмысна, вядзе яго туды, дзе чакае пагібель...»
Удзельнікі прэзентацыі, якую праводзілі ў абласной бібліятэцы, добра адзываліся аб новай кнізе А.Кандрусевіча. Не без таго, былі і крытычныя заўвагі. Але кожны чытач па-свойму ўспрымае развіццё падзей, паводзіны герояў твора. Тым больш, калі гэты чытач - сам пісьменнік.
Цікавая, вартая ўвагі, перавыдання і невялікая аповесць Аркадзя Кандрусевіча «Альфа і амега», якой адкрываецца раздзел прозы нашага магілёўскага калектыўнага зборніка «Галасы Прыдняпроўя» (Мінск, 1990 г.)
Спалучаючы творчую работу ў рэдакцыі і над сваімі мастацкімі творамі, Аркадзь Лявонцьевіч шмат год узначальваў літаратурнае аб’яднанне «Прыдняпроўе» пры газеце «Магілёўская праўда», дапамагаў пачаткоўцам пісаць, вучыў не спяшацца друкавацца.
Як з пісьменнікаў не адзін ён, лічыў, што лепшая яго кніга яшчэ наперадзе. Помніцца, на сустрэчы з чытачамі ў бібліятэчным тэхнікуме, адказваючы на пытанне аб творчых планах, задумках, Аркадзь Лявонцьевіч адказаў, што збірае матэрыялы для аповесці, а можа рамана, пра вядомага ўсяму свету нашага магілёўскага святара-асветніка Георгія Каніскага. Але што справіўся - у другім нашым калектыўным зборніку «Дняпроўскія хвалі» (Магілёў, 1993 г.) змясціць пра Каніскага нарыс «Вялікі асветнік». Большага зрабіць не паспеў.
Як некаторыя героі сваёй аповесці «Кругі на Белай паляне», Аркадзь Кандрусевіч у 1995 годзе трагічна загінуў у росквіце творчых сіл.
Зробленае ім - значны ўклад у беларускую літаратуру. А раз так, будзе жыць яго слова.
Iван АНОШКІН




