Я гэта магу! Я гэта зрабіла!

Напэўна, самае галоўнае выпрабаванне для настаўніка - удзел у конкурсе «Настаўнік года». Мне пашчасціла паказаць свае прафесійныя здольнасці спачатку ў школьным, а потым і ў раённым выпрабаванні.

Вельмі прыемна ўдзельнічаць у конкурсе разам з педагогамі, за плячыма якіх багаты педагагічны стаж, бо вопыт работы ў школе ў мяне невялікі (6,5 гадоў). Мая галоўная мэта - атрымаць станоўчы зарад эмоцый, паназіраць, як працуюць іншыя педагогі. І яна была дасягнута.

Конкурс складаўся з двух тураў. У першым неабходна было стварыць і абараніць адукацыйны праект, а таксама прайсці адно з галоўных выпрабаванняў для настаўніка - урок у незнаёмым класе.

Для праекта абрала цікавую і актуальную, на мой погляд, тэму - мадэль дыстанцыйнага навучання як сродак папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры. У гэтых мэтах ужо стварыла праект старонкі па беларускай мове і літаратуры на сайце сярэдняй школы № 8. Яе існаванне адкрые шырокія магчымасці для вучняў па самаадукацыі і азнакамленні з новымі правіламі арфаграфіі і пунктуацыі, па падрыхтоўцы да алімпіяд, цэнтралізаванага тэсціравання і ўвогуле па далучэнні да інфармацыйнай і моўнай культуры.
На другім этапе першага тура ўдзельнікам трэба было даць урок у незнаёмым класе - унікальная магчымасць праверыць сябе ў незвычайным становішчы на ўроку. На шчасце, усё прайшло добра, і я здолела знайсці кантакт з дзецьмі. Пасля ўрока вучні дзяліліся сваімі ўражаннямі, а яны былі толькі пазітыўныя.

Вытрымаўшы першы тур, прайшла ў другі, дзе стала пераможцам у намінацыі «Творчасць і інавацыі».
На працягу ўсяго конкурса мяне падтрымлівалі і дапамагалі мае калегі і адміністрацыя школы. Вельмі ўдзячна ім за гэта. Вялікі вам дзякуй, паважаныя мае!

Таксама хочацца выказаць словы падзякі арганізатарам конкурса - метадычнаму кабінету аддзела адукацыі Ленінскага раёна, журы конкурса за іх нялёгкую працу, за добразычлівыя адносіны да нас - канкурсантаў.

Пасля ўдзелу ў гэтым конкурсе атрымала багаты прафесійны вопыт, у мяне змяніўся ўнутраны свет як у педагога, павысілася самаацэнка, бо зараз я магу сказаць: «Я гэта магу! Я гэта зрабіла!»

Удзел у конкурсе «Настаўнік года» - значны штуршок да павышэння прафесійнага майстэрства.

Паважаныя калегі, удзельнічайце ў конкурсах! Гэта не толькі карысна, але і вельмі цікава! Поспехаў вам ва ўсім!

Наталля ТКАЧОВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 8