Вуліцам гістарычныя назвы

Напярэдадні новага году адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па тапаніміцы і ўшанаванні гістарычнай і культурнай спадчыны Магілёва. На ім адзначалася значная праца ўлады і грамадскасці па захаванні і аднаўленні помнікаў гісторыі і архітэктуры.
У цэнтры Магілёва часткова захаваўся і падтрымліваецца ў належным стане гісторыка-культурны гарадскі ландшафт. Найбольш выразна ён адчуваецца на вуліцы Ленінскай (у мінулым Ветраная, Вялікая Садовая). На пасяджэнні была выказана прапанова вярнуць гэтай вуліцы назву «Ветраная», што дазволіць завершыць комплекс работ па рэгенерацыі гістарычнага цэнтра. На вуліцы сёння можна пабачыць, як мяняліся эпохі: сярэднявечча, Магілёў губернскі, савецкі, сучасны. Не хапае толькі спрадвечнай назвы вуліцы на яе працягу ад Савецкай плошчы да вуліцы Камсамольскай...
...Вуліца Ветраная знаходзілася ў самым цэнтры Магілёва, на тэрыторыі Нагорнага пасада. На сённяшні дзень яна - частка Ленінскай: ад Савецкай плошчы да Камсамольскай. Вуліца пачала фарміравацца з 15 ст. і з’яўляецца адной з найбольш старажытных. Вяла яна ад Гандлёвай (пазней Губернатарскай) плошчы да Ветранай брамы абарончага вала. У 16-19 ст.ст. называлася Ветраная. З 19 ст. - Вялікая Садовая. У 1823 г. яна набыла выгляд скразной дарогі і праходзіла праз увесь горад. Перакрыжоўвалася з Дваранскай, Паштовай вуліцамі, плошчай пад назвай Шклоўскі базар, Афіцэрскай вуліцай. Ад яе ішлі Спаскі, Семінарскі і Лютэранскі завулкі. Назву «Ленінская» атрымала ў 1919 г.
Вынікі археалагічных даследаванняў і пісьмовыя крыніцы дазваляюць рэканструяваць планіроўку горада на розных этапах яго развіцця. У 15 ст. пачала складвацца планіроўка Старога горада. У цэнтры размяшчаўся Нагорны пасад, які складаўся з Астрожскай і Нагорскай соцен. Пасад меў невялікія кварталы і скучаную забудову. У той час паступова сталі вылучацца дзве галоўныя вуліцы - Шклоўская (сучасная Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што перасякалі тэрыторыю тагачаснага горада з поўдня на поўнач. Менавіта на Ветранай была пабудавана першая драўляная ратуша пасля атрымання ў 1577 г. горадам Магдэбургскага права. Гэта была найбольш прэстыжная частка Магілёва. Тут размяшчаліся галоўныя культавыя збудаванні, ратуша, дом войта, сядзібы купецтва, магістрацкага і цэхавых вярхоў, майстэрні рамеснікаў. Канчаткова Ветраная сфарміравалася ў канцы 16-пачатку 17 ст.ст. Яе архітэктурны ансамбль склаўся ў 18 ст. Пачыналася вуліца ад Гандлёвай плошчы і цягнулася да абарончых збудаванняў - Бліжняга або Кругавога валу (16 - пач. 19 ст.ст.) Напрыканцы яе знаходзілася Ветраная брама.
Пасля далучэння да Расійскай імперыі пачынаецца перапланіроўка горада. Аднак план забудовы Магілёва 1778 г. і наступныя 1779 г., 1804-1806 гг., 1830 г. пакінулі нязменнай сярэдневечную планіроўку ў межах Нагорскага пасада: прамую веерную сетку вуліц, тры поясы ўмацаванняў. Новай з’яўлялася прамавугольная планіроўка забудовы горада ў межах Шклоўскага і іншага пасадаў з прабіўкай восевай магістралі, паралельнай Шклоўскай вуліцы. Гэта быў працяг вуліцы Ветранай, які пазней атрымаў назву Вялікая Садовая. У другой палове 19 ст. чарговая перапланіроўка забудовы вуліц, якая паступова стала двух-трохпавярховай і мураванай, змяніла гістарычную планіровачную структуру. Значна паўплывалі на забудову старой часткі Магілёва перапланіроўкі савецкага часу, але вуліцу Ленінскую яны закранулі толькі часткова.
У канцы 18-19 ст.ст. ад пачатку Ветранай на ніжніх паверхах мураваных будынкаў (часткова захаваліся) размяшчаўся шэраг невялікіх крам, вёўся гандаль у асноўным галантарэйнымі і харчовымі таварамі. Крамы, што знаходзіліся бліжэй да Мураўёўскага сада (Тэатральны сквер), былі больш заможнымі і прывабнымі знешне. Сама вуліца з гэтага месца пашыралася і па сваёй чысціні, утульнасці, прыгажосці будынкаў магла лічыцца лепшай у горадзе.
Сярод збудаванняў, якія ўпрыгожвалі вуліцу, асабліва вылучаліся будынак гарадской управы, узведзены ў 2-й палове 19 ст. на падмурках гандлёвых радоў 17 ст., фасад якога і цяпер выходзіць на Савецкую плошчу (Палац шлюбаў, вул. Ленінская, 1), комплекс дамоў ансамбля Спаскага манастыра, на тэрыторыі якога з 2-й паловы 18 ст. размяшчаўся архірэйскі падворак. У 1780-я гг. быў пабудаваны комплекс духоўнай семінарыі. Спаса-Праабражэнская царква была пабудавана ў 18 ст.(драўляная існавала з 15 ст.) у стылі барока. У ёй сярод іншых архірэяў быў пахаваны Св. Георгій Каніскі.
На сённяшні дзень з комплексу будынкаў ансамбля Спаскага манастыра захаваліся архірэйскі дом (вул. Ленінская, 11«а»), пабудаваны ў 1762-85 гг. паводле праекта архітэктара І.Глаўбіца па замове архіепіскапа Г.Каніскага (на доме ўсталявана памятная дошка ў яго гонар), дом № 11 - былы жылы корпус Спаскага манастыра; дамы №№ 13, 15 - былыя жылыя дамы архірэйскага падворку.
На левым баку вуліцы, насупраць комплексу Спаскага манастыра, знаходзіўся Богаяўленскі манастыр - адзін з буйнейшых у той час. Яго гісторыя пачынаецца з 1618 г. і звязана з дзейнасцю праваслаўнага Магілёўскага брацтва. У 1676 г. кароль Ян Сабескі даў брацтву прывілей на адкрыццё пры манастыры друкарні (у якой у 17 ст. працаваў і выдаваў свае кнігі Спірыдон Собаль) і выданне кніг на беларускай і польскай мовах. З дзейнасцю друкарні звязаны імёны вядомых гравёраў М. і В. Вашчанкаў, Ф. Ангілейкі ды інш. Галоўны будынак манастыра - Богаяўленская царква, помнік барока XVII ст., быў знішчаны пасля вайны на пачатку 1950-х гг.
Далей на левым баку вуліцы знаходзіўся пабудаваны ў 1604 г. па фундацыі караля Сігізмунда III Фарны касцёл (або Св.Казіміра). Захаваўся часткова. Сёння яго рэшткі належаць аблтэлекаму.
За перакрыжаваннем вуліцы з Семінарскім завулкам (цяпер вул. Болдзіна) на месцы абарончага вала па ініцыятыве губернатара М.М.Мураўёва (1828-1831 гг.) быў створаны сад, які атрымаў назву Мураўёўскага (сучасная назва - сквер імя Герцэна). Далей, за вуліцай Дваранскай (Камсамольская), знаходзіўся Шклоўскі пасад. Вуліца Ветраная актыўна забудоўвалася ў 19 ст. у паўночным накірунку і атрымала назву Вялікая Садовая.
А колькі гістарычных падзей звязана з Ветранай! Варта ўзгадаць толькі адну. Менавіта тут знаходзіўся дом пякаркі, у якім у 1655 г. стала міраточыць ікона, якая сёння вядома як цудатворны абраз Магілёва-Брацкі, які шануецца як праваслаўнымі, так і католікамі нашага горада. Ветраная - гэта і гісторыя Магілёва як цэнтра адзінай праваслаўнай епархіі на тэрыторыі Беларусі ў часы Рэчы Паспалітай.
А якія асобы гулялі па ёй! Цар Аляксей Міхайлавіч, каралі Аляксандр і Уладзіслаў ІV, імператары Пётр I, Карл XII, Кацярына II, Іосіф II, Мікалай II, паэты А.Пушкін, Т.Шаўчэнка, В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнік А.Мрый, будучы акадэмік У.Ігнатоўскі і іншыя.
Працэс вяртання страчных у 20 ст. тапанімічных назваў павольна, але ідзе ў Беларусі. Магілёў тут саступае ўсім абласным цэнтрам і перш-наперш Мінску. Сталічны гарвыканкам ужо некалькі гадоў планамерна вяртае старажытныя назвы геаграфічным і гістарычным аб’ектам, дае гістарычныя назвы новым мікрараёнам, вуліцам, праспектам, плошчам і скверам. «Мы робім усё магчымае, каб гарадскія тапонімы насілі гістарычныя назвы», - падкрэсліў у лістападзе мінулага году начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі. Пара і нам, магілёўцам, усур’ёз брацца за гэтую справу.
Адразу адкажам магчымым апанентам з ліку тых, хто нібыта шкадуючы народныя грошы, тармазіць працэс рэгенерацыі гістарычнага цэнтра горада. Вопыт перайменавання ў Мінску у 2005 г. вельмі працяглых праспектаў імя Ф.Скарыны і П.Машэрава і надання іх імёнаў двум іншым вуліцам засведчыў, што нязручнасцяў для насельніцтва горада практычна не было, а за кошт юрыдычных асоб казне горада гэта прыносіць невялікія, але прыбыткі.
Улічваючы архітэктурную і гістарычную каштоўнасць часткі сучаснай вуліцы Ленінскай (дамы №№ 1-21, ад Савецкай плошчы да вуліцы Камсамольскай), мы падтрымліваем прапанову: вярнуць ёй гістарычную назву - вуліца Ветраная (Ветреная). Гістарычныя назвы - такія ж гісторыка-культурныя каштоўнасці, як і помнікі архітэктуры. Яны павінны стаць неад’емнай часткай турыстычных маршрутаў старажытнага Магілёва. Вяртанне іх было б гістарычнай праўдай. Вяртанне - выяўленне нашай павагі да дзейнасці продкаў.

Ігар ПУШКІН,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання
Аляксандр АГЕЕЎ,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.А.Куляшова

P.S. А што думаеце вы, паважаныя чытачы? Выкажыце свае думкі, прапановы, паспрачайцеся з навукоўцамі. Запрашаем да дыскусіі.