У зале гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння штогадовай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне».
Урачыстасці пачаліся ўзнеслай арыяй беларускага кампазітара Ігара Смольскага, дзе ў кожным гуку мелодыя роднага краю, адданасць сінявокай Беларусі, у выкананні аркестра гарадской капэлы. Скрыпкі падхопліваюць віяланчэлі, іх змяняюць гукі раялю...
Старшыня гарвыканкама Станіслаў Барадаўка, што адметна, на роднай мове віншуе гасцей вечара з Днем Незалежнасці, святам горада, якi адзначае свой 743-й дзень нараджэння, лаўрэатаў - людзей розных прафесій і рознага роду заняткаў, унесшых ёмкі ўклад у агульную скарбонку, росквіт роднага горада, яго ўпэўненыя крокі ў будучыню. Як заўважыў Станіслаў Пятровіч, ушанавання заслугоўваюць не толькі гэтыя семнаццаць, а тысячы і тысячы старанных і руплівых землякоў.
Прыемна, што сярод лаўрэатаў шмат знаёмых імёнаў, тых, пра каго неаднойчы пісала наша газета, адлюстроўваючы іх напружаныя будні: дырэктар Магілёўскага гарадскога камунальнага прадпрыемства цеплаэнергетыкі Міхаіл Краўцоў, начальнік Магілёўскага вузла электрасувязі Аляксандр Казлоў, дырэктар Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Аляксандр Цвілік, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму «Тэрытарыяльнага цэнтра Ленінскага раёна» Наталля Шабека. Ці трэба лішні раз нагадваць, хто асаблівага клопату заслугоўваюць людзі старшага пакалення, тыя, хто ўзнімаў з руін гарады, аднаўляў вытворчасць дзяржавы ў пасляваенныя гады. Многія з іх волей лёсу засталіся без клапатлівых рук блізкіх. Але адзіноцтва і няўтульнасць ім не пагражаюць, таму што ёсць такія людзі, як Наталля Сяргееўна і яе служба, якой да ўсяго справа.
Начальніка цэха грамадскага харчавання ОАО «Магілёўхімвалакно» Тамару Руткоўскую вядучыя, запрашаючы на сцэну, назвалі «салодкай» жанчынай. Кандытары і повары, якімі кіруе без малага два дзесяцігоддзі Тамара Мікалаеўна, здольны тварыць цуды. А загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі інфекцыйнай бальніцы, лаўрэат прэміі «Дасягненне» Сяргей Шапортаў не дазволіць «распасціраць крылы» бядзе, якая звычайна прыходзіць, калі яе не чакаюць. Кіраўнік народнага тэатра «Валянцін», які працягвае справу легендарнага Валянціна Ермаловіча, Алег Загароўскі, павышае наш культурны ўзровень, прыцягнуўшы ў творчае асяроддзе...
Словы ўдзячнасці кіраўніка выканаўчай улады, поціск рукі, пасведчанне лаўрэата і кветкі - усё гэта, безумоўна, застанецца ў памяці і віноўнікаў цырымоніі, і шматлікіх гасцей, вытворцаў, ветэранаў, прысутных у зале. У сваім зваротным слове да кіраўнікоў горада, лаўрэат прэміі «Дасягненне», старшыня каардынацыйнага савета грамадскіх і нацыянальных аб’яднанняў Зінаіда Пенькова зазначыла, што дастойных на такое высокае званне вельмі шмат, а ўвага і адзнака - не толькі высокі гонар, але і адказнасць. Будзем старацца яшчэ лепш, будзем уносіць дастойны ўклад у справы горада, дзяржавы.
Нельга не заўважыць, што суправаджэнне цырымоніі і святочны канцэрт аркестру і хору Магілёўскай гарадской капэлы пад кіраўніцтвам Сяргея Ліш-чэнкі вельмі гарманічна дапоўнілі адно другое. Дарэчы, традыцыйна, вось ужо ў трэці раз, калектыў капэлы суправаджае ўшанаванне лаўрэатаў прэміі «Дасягненне». На гэты раз, як заўважылі ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства, для магіляўчан былі падрыхтаваны сюрпрызы, якія не маглі застацца незаўважанымі. Цудоўная класіка, акцэнт беларускасці, роднай старонцы. Прэм’ера твора магіляўчанкі Аліны Даніловіч «Граніт у дарогі» у зале выклікала і тут, і там слёзы. Зразумела, у кожнай беларускай сям’і ёсць тыя, хто не вярнуўся з палёў боя... Крануў духоўны твор Алены Атрашкевіч «Марыя», прысвечаны Дзеве Марыі, духоўная музыка Спірычуэл, папуры самых вядомых песень амерыканскага кампазітара Джорджа Гешвіна. Дарэчы, што дзіўна, бацькі гэтага самага славутага амерыканскага кампазітіра Гешвіна - выхадцы з нашага роднага Магілёва, некалі эмігрыраваўшыя на Захад.
Вось такое спляценне каранёў, калі без мінулага не быць будучыні. Ваеннай тэматыкай калектыў адзначыў слаўную дату 65-годдзя Вялікай Перамогі. Без яе, Перамогі, не было б у нас ні Дня Незалежнасці, ні слаўных працоўных магіляўчан, якiх ушаноўваем і прэміямі, і высокімі званнямі.
Людміла АНОШКІНА





