Легенды i iх жывы аўтар

рубрика:

У гэтыя дні ў залах абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава экспануецца персанальная выстава твораў нашага вядомага земляка Віктара Альшэўскага пад назвай «Легенды нашай цывілізацыі». Яна прысвечана 65-й гадавіне вызвалення Беларусі і сёлетняму Году роднай зямлі.

Дарэчы, аб роднай зямлі. Так сталася, што ў краі, «дзе ў вячэрнім чароце плешча ціхая Друць», менавіта на берагах гэтай паэтычнай ракі з розніцай больш як у 80 год з’явіліся на свет славуты пейзажыст, акадэмік, народны мастак БССР і РСФСР Вітольд Бялыніцкі-Біруля (маёнтак Крынкі) і наш сучаснік, 56-гадовы Віктар Альшэўскі (в. Вугольшчына). Паміж месцамі іх нараджэння ўсяго адзін кіламетр.

І калі першы паходзіў са шляхецкай сям’і, то В. Альшэўскі - сялянскі сын. Які хлапчуком у 1966-1972 гг. вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце музыкі і выяўленчага мастацтва. У 1975-1981-м - у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе яго настаўнікамі былі мэтры нашага мастацтва і выдатныя педагогі Анатоль Бараноўскі, Гаўрыіл Вашчанка, Васіль Шаранговіч і інш.

У невялікім матэрыяле немагчыма назваць-пералічыць нават асноўныя этапы жыцця мастака, яго найбольш адметныя творы і г.д. Таму далей - тэлеграфным стылем.
Стыль Віктара Альшэўскага, якога за фантастычна-міфалагічна-рэальныя спалучэнні называюць іншы раз беларускім Сальвадорам Далі (яшчэ і за некаторае знешняе падабенства), грунтуецца на вялікай любові да роднай зямлі, выдатным веданні сусветнай міфалогіі і гісторыі, часткай якой і з’яўляецца наша блакітнавокая Беларусь.

Гэта можна ўбачыць і адчуць літаральна ва ўсіх яго палотнах. Хаця б на сёлетніх неардынарных работах «Калона славы. Магілёўская ратуша», пленэрнай «Дарога да В.К. Бялыніцкага-Бірулі», «Загадкавая Кападокія», «Рытмы готыкі», «Партрэт Валянціна Елізар’ева», «У памяць аб Перамозе 1941-1945 гг». Зачароўваюць рэалістычна-рамантычныя «Партрэт маці» і жонкі Святланы Альшэўскай.

А сярод сусветна-гістарычнай сімволікі дастойна выглядаюць Нясвіжская ратуша, палац у Ружанах, магілёўскі Свята-Нікольскі манастыр...

Сёння Віктар Альшэўскі - адзін з самых вядомых беларускіх майстроў пэндзля. Аўтарытэтны ўдзельнік шматлікіх нашых і міжнародных выстаў і пленэраў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў.
Выстава «Легенды нашай цывілізацыі» - не адзінкавы паказ яго твораў, а частка выдатна задуманага і здзейсненага праекта. Паколькі да «прыезду» ў абласны цэнтр яна экспанавалася ў Бялынічах, Шклове, Асіповічах, Крычаве і Бабруйску. Такое вось своеасаблівае вяртанне да роднай зямлі.

Прыемна, што ініцыятыву А.Альшэўскага актыўна падтрымалі і як мае быць дапамаглі кіраўнікі рэспублікі, вобласці, беларускіх Саюза мастакоў і Міністэрства культуры.
Нядзіўна, што ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі 2 кастрычніка, якое супала з адкрыццём XI-га Міжнароднага фестываля «Залаты шлягер», наведалі старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ Барыс Батура, міністр культуры РБ Павел Латушка, наш зямляк, былы магіляўчанін Валерый Казакоў - прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі, пісьменнікі; старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік і яго намеснік Валерый Малашка, начальнік абласнога ўпраўлення культуры Анатоль Сінкавец, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Панцюхоў, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Віктар Шорыкаў.

Мастака і прыхільнікаў яго творчасці віталі П.Руднік, П.Латушка, старшыня рады Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Зінкевіч, вядомы бабруйскі мастак Анатоль Концуб.

Дзякуючы за прывітанні і добрыя словы, Віктар Альшэўскі, у прыватнасці, сказаў: «Сёння вярнуўшыся на радзіму, я, па-сутнасці, другі раз нарадзіўся... У нашых гарадах і невялікіх гарадках - сэрца нашай краіны. Вельмі добра, што мая радзіма расквітнела, стала магутнай і прыгожай, стала, як і раней, цэнтрам Еўропы...»
Выстава Віктара Альшэўскага будзе працаваць да канца кастрычніка.
Мікалай НОЖНІКАЎ