Святло і цемра, дабро і зло, Рай і Пекла, Жыццё і... «Спачатку было слова...»
Калісь вычытаў, што адзін «паэт» у вершы выказаўся ў тым сэнсе, што быццам пачатак усяму паклала Думка. Толькі вось неяк незразумела, у чым, у якіх катэгорыях яна мела выражэнне? Бо Думка без Слова нешта неверагоднае.
Разумны чалавек добра сказаў: «Свае Пекла і Рай чалавек носіць у сабе...» Рай - гэта калі да цябе звяртаюцца з добрым словам і ў адказ адчуваюць цеплыню, жаданне аддзячыць узаемнасцю, таксама дабрынёй, добрым словам, а нехта побач, пачуўшы, па-добраму ўсміхаецца, няхай і ўнутры сябе, і таксама аб нечым добрым узгадвае. Глядзіш, і адбылася такая вось па-чалавечы цудоўная рэакцыя.
А галоўнае - на тварах з’яўляюцца такія лагодныя ўсмешкі, што, здаецца, сонца ярчэй свеціць.
Перад Новым годам правёў своеасаблівы «эксперымент»: нечакана прыпыняў, з прабачэннем, незнаёмых людзей і на роднай мове звяртаўся з віншаваннем. І людзі, спачатку з нейкім здзіўленнем, ад нечакана пачутага беларускага Слова, а потым з добрай усмешкай, зычлівасцю ў вачах, на тварах і, спадзяюся, у сэрцах слухалі мяне, а пасля зычылі добрага ў адказ. Няхай гэткая нечаканасць ад незнаёмага захавае цёплыя ўспаміны, нешта разбудзіць, дапаможа зразумець, што да ўсяго трэба адносіцца памяркоўней, зычлівей, і тады яно пяройдзе ў Дабрыню суадносін, жыцця, і глядзець пачнём вакол са спагадай і замілаваннем у душы...
А што тычыцца Пекла, дык няхай яно спарахнее і развеецца ў нашых думках, як начная цемра пры ўзыходзе сонейка!
Дабрыні вам, людзі!
З павагай, Аляксандр ГЕРАСІМОВІЧ, магілёвец




